ЦЫКЛАТРО́ННЫ РЭЗАНА́НС, парамагнітны рэзананс,

рэзананснае паглынанне эл.-магн. энергіі зараджанымі часціцамі, якія рухаюцца ў пастаянным магн. полі. Назіраецца ў паўправадніках, металах, а таксама ў вакууме.

Тлумачыцца на аснове законаў класічнай фізікі. Носьбіты зараду ў пастаянным магн. полі рухаюцца пад уздзеяннем Лорэнца сілы па спіральнай лініі, «навітай» на сілавую лінію магн. поля. Частата ω перыядычнага руху (цыклатронная частата; адсюль назва) звязана з індукцыяй магн. поля B суадносінамі: ω = qB/m, дзе q — зарад і m — маса зараджанай часціцы. З’ява Ц.р. адбываецца на частаце, роўнай ці кратнай ω. Ц.р. выкарыстоўваецца ў фізіцы цвёрдага цела пры вывучэнні энергет. спектра электронаў, працэсаў электрон-фаноннага ўзаемадзеяння ў металах і інш.

т. 17, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)